Беларуская Служба

Еўрапарламент нагадвае грамадству пра важнасць дэмакратыі

13.06.2024 18:45
На днях завяршыліся выбары ў Еўрапейскі парламент. Сёлетняя кампанія праходзіла пад лозунгам «Галасуй, інакш іншыя вырашыць за цябе».
Аўдыё
  • Еўрапарламент нагадвае грамадзянам пра важнасць дэмакратыі
Ілюстрацыйны здымакEuropean Union

У рамках гэтай кампаніі, якую ініцыяваў Еўрапарламент, тысячы грамадзян далучыліся да арганізацыі мерапрыемстваў прамуючых дэмакратыю ды дэмакратычныя каштоўнасці ЕС.

Сёлета ўпершыню выбары ў Еўрапарламент праходзілі ва ўмовах інтэнсіўнай інфармацыйнай вайны, якую пачаў Крэмль, каб правесці ў ЕП прарасійскія радыкальныя сілы. У адказ на гэта па ўсёй Еўропе пачала дзейнічаць супольнасць together.eu, актывісты якой ладзілі дыскусіі, перадвыбарчыя мерапрыемствы, абмеркаванні будучыні Еўропы. Іх зварот да грамадзян ЕС тычыўся таго, што цяперашняя дэмакратыя, да якой прызвычаіліся мільёны еўрапейцаў, не дадзенаць, так было не заўсёды.

Пра перадумовы гэтай актыўнасці ды яе вынікі мы паразмаўлялі з Матэвушам Кіцкам з Бюро Еўрапарламента ў Польшчы.

- Гледзячы на тое, што адбываецца ў свеце, дэмакратыя не выглядае настолькі стабільнай, чым некалькі год таму. Змяншаецца колькасць краін, дзе пануе сапраўдная дэмакратыя. Выразна бачна, што настаў час паклапаціцца пра дэмакратыю, бо гэтая форма арганізацыі ўлады не дадзеная раз і назаўсёды. Калі людзі не будуць пра яе клапаціцца, не будуць хадзіць на выбары, аднойчы абудзяцца ў рэчаіснасці, дзе больш не будзе дэмакратыі. Менавіта таму апошні спот, зроблены Еўрапейскім парламентам, апеляваў менавіта да гэтага.

Гэты відэа ролік глядзіцца як міні-дакументальны фільм.

- Так, бо ў фільме выступілі сапраўдныя жывыя людзі, якія распавялі гісторыю свайго жыцця. Адну з найбольш чуллівых гісторый распавяла жанчына з Францыі, якая ў 12 год страціла сваю маці падчас нямецкай акупацыі цягам ІІ Сусветнай вайны. Яе застрэлілі нямецкія жаўнеры, і яна дагэтуль не можа забыць таго, як маці засланіла яе сваім целам ад куль.

Як зрэагавала еўрапейскае грамадства на заклік Еўрапарламенту?

- Пазітыўнае, так прынамсі вынікае з атрыманай зваротнай інфармацыі. Мы рабілі публічныя паказы, а таксама ў якасці сацыяльнай кампаніі ў медыях. Шмат хто пагадзіўся паказаць наш фільм бясплатна, у якасці падтрымкі для дэмакратычных каштоўнасцяў, каб заахвоціць людзей да актыўнасці.  Часта людзі казалі, што фільм іх уразіў і закранае сутнасці Еўрапейскага Саюза, бо ў рамках ЕС амаль цэлы кантынент доўгі час можа жыць у міры. Дзякуючы ЕС і аб'яднанню кантынент моцна прасунуўся ўперад што тычыцца эканамічнага развіцця, дабрабыту ды тэхналогій. Да з’яўлення Еўрасаюза на кантыненце ніколі раней не было такой сітуацыі. Пра гэта наш фільм, які меў больш за 500 мільёнаў праглядаў ва ўсім ЕС, і гэта без тэлевізійных паказаў. Так што аўдыторыя была вялізарная.

Актыўная прамоцыя фільму была таксама ў Польшчы, зазначае эксперт.

- Паказы адбыліся ў 70 гарадах больш чым на 500 экранах, і гэта спрацавала. Калі паглядзець на дадзеныя, больш еўрапейцаў узяло ўдзел у выбарах, чым папярэднім разам. У 2019 годзе прагаласавала 50,66%, а цяпер 51% еўрапейцаў пашлі на выбары. У 2014-м годзе на выбарах у Еўрапарламент галасавала ўвогуле 43% еўрапейцаў. Мы бачым істотны рост зацікаўленасці. Сёлета была самая вялікая актыўнасць выбарцаў за апошнія 5 выбарчых кампаній у ЕС.

Аднак у Польшчы выбары ў Еўрапарламент прайшлі з меншым удзелам, чым 5 год таму, з чым гэта звязана?

- У Польшчы меў месца другі найлепшы ў гісторыі вынік. Не паўтарыўся вынік пяцігадовай даўніны, калі яўка была 46%. Але сёлета было больш за 40% яўка. У 2014-м годзе прагаласавала толькі 24%. Гледзячы на вынік выбараў з моманту ўступлення Польшчы ў ЕС – гэта другі найлепшы вынік. Дакладную прычыну цяжка пакуль назваць, але думаю, што была ў грамадстве стомленасць ад выбараў. Еўрапейскія выбары былі трэцімі за паўгода пасля кастрычніцкіх парламентарных ды красавіцкіх мясцовых выбараў. Напярэдадні выбараў эксперты казалі, што яўка не будзе вялікай, што актыўнасць выбарцаў зменшыцца.

Магчыма змяншэнне актыўнасці сведчыць пра тое, што ў Польшчы ды шырэй у Еўропе інстытуты ЕС, у тым ліку Еўрапарламент, далёкія ад людзей. Грамадства не разумее, што яны робяць?

-  Часам нам здаецца, што еўрапейскія структуры – гэта недзе далёка. Насамрэч яны вельмі блізка да нас. Больш за 50% заканадаўства, якое закранае нашае штодзённае жыццё, гэта права распрацаванае ў Еўрапарламенце ў дыялогу з Еўракамісіяй ды ўрадамі краін ЕС, і зацверджанае парламентам. Часта польскі Сейм і Сенат распрацоўвае законы пасля прыняцця адпаведных норм Еўрапейскім парламентам. Таму трэба ведаць, як працуе ЕС ды парламент. Менвіта таму мы ладзім нашы прамацыйныя ды інфармацыйныя акцыі, каб распавядаць людзям больш пра ЕС падчас выбараў і пасля.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч